РУС БЕЛ ENG

Паэтычны куток "На Нёманскай хвалі"

Паэтычны куток

Адной з прыярытэтных задач  у патрыятычна- грамадзянскім выхаванні асобы з`яўляецца далучэнне вучня да  набыткаў айчыннай мастацкай культуры, у тым ліку мастацкай культуры рэгіёна ,як духоўнага скарбу, здольнага фарміраваць эстэтычны густ, пачуццё павагі і пашаны да роднага слова, развіваць вучня як творчую асобу.

З гэтай мэтай ва ўстанове  “Сярэдняя школа №3 імя В.М. Усава г. Гродна” быў створаны паэтычны куток “На Нёманскай хвалі”, урачыстае адкрыццё якога адбылося  падчас святкавання Міжнароднага Дня паэзіі 21 сакавіка 2012 года з удзелам прадстаўнікоў шырокай грамадскасці: паэтаў і пісьменнікаў, членаў Гродзенскага абласнога аддзялення СП Беларусі, кіраўнікоў упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, кіраўнікоў аддзела адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Гродна, кіраўнікоў школьных музеяў і музейных пакояў, школьнікаў і педагагічных работнікаў устаноў адукацыі, выпускнікоў школы, бацькоў  вучняў.

Экспазіцыя паэтычнага кутка ўяўляе сабой 3 стэнды, арганічна звязаныя паміж сабой. Першы стэнд– экскурс у недалёкае мінулае, прысвечаны гісторыі літаратурнай Гродзеншчыны. Тут прадстаўлены звесткі з жыцця і творчасці знакамітых мастакоў слова, ураджэнцаў Гродзеншчыны: А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі, Цёткі, М. Васілька, А. Карпюка, В. Быкава.

Асноўная частка экспазіцыі – матэрыялы, прысвечаныя кожнаму з 36 пісьменнікаў, членаў Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ, які ўзначальвае беларуская паэтэса Кебіч Л.А.

Завяршальная частка экспазіцыі – матэрыялы літаратурнай творчасці вучняў школы, членаў гуртка літаратурна – мастацкай творчасці “Першацвет” (кіраўнік Целеш Анастасія Андрэеўна) і паэтычнага гуртка “Таямніцы паэзіі” (кіраўнік Чычкан Ія Станіславаўна). Ініцыятыва стварэння кутка “На нёманскай хвалі” належыць Гродзенскаму аддзяленню СПБ, педагогам і выпускнікам школы 2012 года. На сучасны момант дзейнасць паэтычнага кутка  арганізуе настаўнік  вышэйшай катэгорыі Целеш А.А якая з`яўляецца і кіраўніком гуртка літаратурна- мастацкай творчасці “Першацвет”.

За параўнальна невялікі перыяд сваёй дзейнасці ў сценах паэтычнага кутка  прайшлі яркія і запамінальныя сустрэчы з мастакамі слова Гродзеншчыны і пісьменнікамі Беларусі ў рамках рэспубліканскіх мерапрыемстваў і творчых сустрэч, прысвечаных Году кнігі. Паэтычны куток стаў асяродкам культурнага жыцця школы і мікрараёна, месцам далучэння вучняў да культурнай спадчыны Гродзеншчыны, своеасаблівым цэнтрам развіцця асобы вучня як творцы, здольнага выражаць сваё светаадчуванне праз паэзію.Творчыя сустрэчы вучняў СШ №3 і ўстаноў адукацыі мікрараёна адбыліся падчас правядзення святаў мікрараёна, прысвечаных Дню Перамогі, Дню ведаў, а таксама літаратурныя імпрэзы і творчыя сустрэчы, прысвечаныя Дню паэзіі і іншым каляндарным датам культурна- асветніцкага характару.

З задавальненнем наведваюць паэтычны куток выпускнікі школы, якія,  дарэчы,  з`яўляюцца аўтарамі  многіх вершаў, што знайшлі сваё адлюстраванне ў матэрыялах кутка.

Па рознаму склаўся іх жыццёвы лёс, але адчуванне беларускага слова, сваё светабачанне праз паэтычнае слова яны адчулі менавіта ў сценах роднай школы.

17 мая 2012 года гасцямі паэтычнага клуба сталі пісьменнікі і паэты Мінска і Мінскай вобласці, такія як М. Маляўка, В. Чудаў, К. Хадасевіч- Лісавая і іншая, якія адзначылі прафесійнае стаўленне  педкалектыва да справы выхавання моладзіпраз далучэнне іх да літаратурна- мастацкай творчасці.

Напярэдадні Дня настаўніка 4 кастрычніка 2012 года гасцямі кутка былі беларускія паэты, такія, як А.Дранько- Майсюк, Э. Акулін, А. Петрушкевіч.

А ў пачатку чэрвеня 2013 года  паэтычны клуб “На нёманскай хвалі” наведалі педагогі і музычныя дзеячы г. Элка, што знаходзіцца ў памежнай Польшчы. Яны з задавальненнем паслухалі экскурсаводаў паэтычнага кутка, агледзелі экспазіцыю і пакінулі запіс у кнізе водгукаў і пажаданняў гасцей і наведвальнікаў паэтычнага кутка. Творчыя сустрэчы наладжваюцца і з  прадстаўнікамі навуковага асяродззя. З мэтай падтрымкі цесных сувязей з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам паэтычны клуб прымаў у якасці гасцей вучоных абласной ВНУ: Жука І. В., доктара філалагічных навук, прафесара, Якалцэвіч М.А. дацэнта, кандыдата філалагічных навук і старшага выкладчыка кафедры беларускай літарутуры Тарасаву С.М.

Прымае гасцей куток і ў час летніх канікул. Імі становяцца выхаванцы дзіцячых аздараўленчых лагераў, якія дзейнічаюць на базе школ Кастрычніцкага раёна. Вядома ж, паэтамі не нараджаюцца ― імі становяцца, бо натхненне заўсёды нараджае творчасць. А ў кожным дзіцяці сам творца запальвае іскрынку таленту. Задача настаўніка – адчуць (можа, падсвядома, сэрцам), убачыць вокам чалавека,умудронага і сталага,гэтае маленькае цяпельца творчасці, не даць яму патухнуць. А калі яно разгарыцца вогнішчам, - гэта ўжо удача і сапраўдная перамога.

Ёсць спадзяванне, што, далучаючыся да здабыткаў мастацкай творчасці пісьменнікаў роднага краю, многія з наведвальнікаў паэтычнага кутка стануць зоркамі на паэтычным небасхіле ці проста па- новаму  адчуюць прыгажосць гучання роднага слова, здольнага абудзіць самыя высокія пачуцці.

Маленькія перамогі юных паэтаў ёсць ужо і на сённяшні дзень: многія з іх з`яўляюцца дыпламантамі конкурсаў розных узроўняў. Ёсць і планы на будучыню: паэтычныя сустрэчы, чытанні, гасцёўні  

Вашай увазе прапануецца першая спроба пяра нашых гурткоўцаў.

Дзікевіч Віталій   (11-ы "А" клас)

Паэту

Мне сняцца сны аб Беларусі…

Я. Купала.

Пагляд яго ласкавы, шчыры, строгі―

Ад маці ўсе рысачкі пабраў,

А талент быў падараваны Богам,

Каб спадчынай ён родны кут назваў.

 

Кветка - папараць, пэўна, на творчасць натхняла,

З верай у шчасную долю каб жыў,

Хоць горкае крыўды паслаў лёс нямала,

Ды матчыным словам ён людзям служыў.

 

І няслося над светам паэтава слова,

Як крыніца, што ласкаю поіць лугі,

Абудзіць родны край было слова гатова,

Скінуць путы насілля, парваць ланцугі.

 

Песню- звон, песню – кліч да святла і свабоды

Бясстрашна жалейка спявае,

Песню аб мужным і слаўным народзе,

Што сцежку дабра ў цьме шукае.

 

Любоў  сілу і гарт ў душы нараджала,

Каб і ў снах Беларусь так, як маці, жыла,

Ад нявер`я і злобы людской ратавала,

Гэткай знічкай маленькай у цемры была.

 

Так з любоўю да спадчыны, маці – старонкі

Паэт жыў, развіваючы Божы свой дар,

Слухаў спевы лясоў і дуброваў звонкіх,

Слухаў голас зямлі яе сын- уладар.

 

Ды прыйшоў на зямлю час смяротнай навалы

І ўзняў над палеткамі дым.

Біцца сэрца  паэта, на жаль, перастала,

Адышоў у разлуцы з кутком дарагім.

 

Адышоў, але светач паэзіі сталай

Асвятляе абрысы нялёгкіх шляхоў.

Слова – зерне, што ў сэрцы яго выспявала,

Прарасло ў душы маладых юнакоў.

 

Гімн пяю чалавеку, паэту- прароку,

Што са Светам у гармоніі жыў,

Мог прадбачыць, паклікаць, з дарогі не збочыць,

Верай- праўдай народу, Айчыне служыў.

 

А вось так прыгожа і натхнёна піша кіраўнік гуртка.

 

 

Палеская ластаўка

А.А. Целеш

 

Палессе ― край тужлівых журавоў

І легкакрылых ластавак мясцінка

Калыскай стала светлых мар і сноў

Вясковай летуценніцы – дзяўчынкі.

 

Ты ўпершыню пачула тут

Пяшчотныя каханыя словы

Даў крыла моцы бацькаў кут,

А сэрца паланілі гукі  роднай мовы.

 

Прыгожая сімфонія жыцця

Гучала ў радках прачулых вершаў.

Вялікай сілай страсці, пачуцця

Ты не баялася дзяліцца першай.

 

Сцвярджала: “ усё пачынаецца з любві”,

Любоў у сэрцы песні нараджала,

Ды гукі песні той адышлі

Як раптам і самой цябе не стала.

 

Без пачуцця застыла ў жылах кроў

Апошняе “люблю” прамовіць не паспела

У далёкі вырай вечных сноў

Ты ластаўкай палескай адляцела.

 

Пакінўшы свой верш, як крык душы,-

Сумленыя голас і жаданне волю

Хай на Палессі сумны дождж імжыць

І абмывае слёзы страты і болю.

поделиться в: